БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў, метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.
Літ.:
Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.
т. 3, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)